Кстати, на респе получила за него высокие баллы, зацените и вы +)
читать дальше
Дарагія мясціны роднага краю
Беларусь... Мая родная старонка... Ніколі не змагу выказаць сваю любоў да цябе, не змагу знайсці слоў, каб апісаць мае адчуванні... Адно ведаю дакладна – ніколі не здраджу табе.
Калі хоць раз у жыцці ўбачыш Беларусь, то ўжо не забудзеш яе ніколі. У памяці навечна застануцца яе краявіды, якія здзіўляюць сваім хараством. А калі ты нарадзіўся на гэтай зямлі, то дзе б ні апынуўся, сэрца неадступна будзе зваць да мясцін, дарагіх тваім ўспамінам: бясконцых лугавых даляў, светлага сасонніку і пахучага чабору на ўзгорку, квяцістага дывана кветак, залітай сонцам сенажаці з духмяным сенам, спакойнага блакіту азёр. Немагчыма не палюбіць гэтую зямлю, прыгожую светлую Белую Русь.
У кожнага чалавека ёсць мясціны, з якімі існуе непарыўная духоўная сувязь, якія цягнуць да сябе, прывабліваюць нечым, што нельга патлумачыць. Менавіта гэта і ёсць самае роднае, самае блізкае – Радзіма.
Для мяне няма прыгажэйшага кутка на Беларусі, чым маленькая вёсачка Жукаўка і яе ваколіцы. Патрапіць туды можна ад Мінску па шашы ў мядзельскім напрамку. Як я люблю бываць там, з асалодай аглядаць дарагія сэрцу мясціны, цешыцца велічным хараством прыроды! А колькі ўспамінаў звязаны з гэтым куточкам...
Мне адразу ўзгадваецца той дзень, калі я першы раз апынулася ў Жукаўцы, маё далёкае дзяцінства. Ціхі радасны вясновы дзень. Яркае сонейка. Бясконцы блакіт неба. Паветра, напоўненае пахамі прэлага лісця, талага снега і аднаўлення прыроды. Я іду побач з мамай, шчаслівая, з прадчуваннем невядомага. І рапатам да майго слыху даносяцца невядомыя гукі – бы мільёны срэбных званочкаў званяць. Я бягу ім насустрач, і гэтыя чароўныя гукі узмацняюцца. Яшчэ крыху і – я бачу празрыстыя, нібы крыштальныя струменчыкі, якія, весела булькочачы, бягуць кудысьці. І я, як зачараваная, стаю і гляджу. Не магу адарваць позірка. І маё сэрца поўніцца новай, невядомай да гэтага часу радасцю. У тую хвіліну я зразумела, што люблю гэты край, люблю назаўжды.
І кожны раз, прыязджаючы туды, гэтае пачуццё поўніць мяне, я перажываю ўсё нанава. Гэткая прыгажосць была створана, каб радаваць вока чалавека. І ў любую пару года яна вызывае ў мяне замілаванне сваім хараством. Ці то вясна з чаруючым спевам птушак, з вясёлымі ручаінамі, якія імкнуцца абагнаць адна адну, ці марозная зіма з бясконцай далячынню снегавых прастораў. Прырода застаецца чароўнай у любую пару года. Але больш за ўсё я люблю бываць тут летам. Прачынацца ад ранішніх песень птушак, ад таго, што у тваё акно ласкава заглядвае сонейка, быццам кажа: “Добрай раніцы!” Выходзіць на вуліцу, поўнымі грудзямі ўдыхаць паветра, напоенае салодкімі пахамі квітнеючага лета. Сядзець на кукішках у сасновым лесе, светлым, жывым, збіраць духмяны чабор. Ляжаць на лузе, глядзець у блакітнае неба, адчуваць зямлю...
У Жукаўцы і ваколіцах шмат і цікавых мест, якія з прыемнасцю наведваю.
Недалёка ад вёскі знаходзіцца былая сядзіба Акопы, якая належыла маці і сёстрам паэта Я.Купалы. Паэт любіў тут бываць. У Акопах былі напісаны яго лепшыя творы – больш за 70 вершаў, паэмы, п’есы. Адразу за домам працякала маленькая ручаіна. Зараз вада блішчыць толькі на дне перасохлых прудоў. Крыху далей, на суседнім полі, ёсць вялікі валун, які паглыблены ў зямлю, а на ім – некалькі паэтычных радкоў. Прырода тут надзвычайная. Мы ездзілі сюды на веласіпедах і з кожнай хвілінай здіўляліся больш і больш. Перад намі вырасталі маляўнічыя ўзгоркі, пакрытыя дываном з маладой травы і яркіх красак, невядома адкуль паўставалі купкі высокіх баравін.
Крышку далей знаходзіцца сядзіба Малыя Бесяды, якое да 1907 года належала З.Чэхавічу – аднаму з арганізатараў паўстання 1863 года, паплечніку К.Каліноўскага. Панскі дом не захаваўся, але, гледзячы на строй магутных лістоўніц, можна лёгка здагадацца, дзе ён быў. З.Чэхавіч, знаўца літаратуры і ўладальнік вялікай бібліятэкі, меў вялікі ўплыў на маладога Янку Купалу, з якім часта бачыўся.
А у маёнтку Карпілаўка шмат гадоў жыў выдатны празаік А.І.Лявіцкі, вядомы як Ядвігін Ш. У 1910 годзе пісьменнік прайшоў пешшу з Вільні да сябе ў Карпілаўку. Вынікам гэтага 400-кіламетровага падарожжа з’явіліся дарожныя нататкі, якія ён дасылаў з дарогі ў газету “Наша ніва”. На месцы сядзібы зараз паляна, ў яе кутку выглядвае бетонны лоб дота, але панскі парк захаваўся. Векавыя дубы велічна ўзвышаюцца і пазіраюць навокал, нібыта асілкі, над якімі не ўладзен час. Можа пра адзін з гэтых дубоў пісаў Ядвігін Ш. у сваім апавяданні “Дуб-дзядуля”? Вандруеш сярод магутных дрэў і адчуваеш сябе падарожнікам у панскім маёнтку. Тут і там заўважаеш вялізныя каменні, якія помняць далёкія часы. Адасобішся ад знешняга свету і адчуваеш сябе маленькай часткай усяго гэтага, часткай Прыроды.
Пры жаданні з Карпілаўкі можна лёгка трапіць ва ўрочышча Акопы. Туды вядзе дарога ,каля 2 кіламетраў даўжынёй, па якой не раз хадзіў Купала да Лявіцкага, каб узяць новыя кнігі ці прачытаць новыя вершы.
Побач з Жукаўкай знаходзіцца другая па вышыні кропка Беларусі – гара Лысая. Але гарою ў звычайным уяўленні яе назваць нельга, гэта пакатае водападзельнае узвышша, на самай высокай кропцы якого знаходзіцца геадэзічны знак, на якім нічога нельга зразумець. А раней там быў такі надпіс “Г.Лысая, 342 м.” Не так далёка бярэ пачатак рака Лукавая, якая з’яўляецца прытокам Удры. Назва Лукавая паходзіць ад слова “лука”, што значыць выгін, пятля. Да 1918 года тут праходзіла мяжа паміж Менскай і Віленскай губерніямі, адсюль менш вядомая назва ракі – Рубежка. Падарожнічала на вяршыню я разам з мясцовым паляўнічым, і, дарэчы, пачула шмат цікавага пра саму гару, пра назвы, сакрэты палявання, пра тое, як трэба размаўляць з прыродай. Наслухаешся розных гісторый (чаго толькі не было на паляванні), і, здаецца, зараз з-за дрэва выскачыць казуля або дзік, узляціць з верхавін дрэў вальдшнэп.
Склоны ўзвышша высокія, крутыя. Месца гэта, зручнае і бяспечнае, людзі ацанілі даўно. Археолагі знайшлі тут сляды пасялення жалезнага века. На ўсім узвышшы вельмі многа камянёў. Лічаць, што старажытныя людзі так абазначалі курганы, якіх тут вельмі шмат. Але паляўнічы расказаў мне такую легенду.
Асілкі
Гэта цяпер людзі здрабнелі, а даўней яны былі такія вялізарныя, што ледзь не раўняліся з лесам. Толькі кажуць, што яны не ведалі, куды падзець сілу сваю. Гэта яны папракопвалі рэкі, панасыпалі горкі ды параскідалі ўсюды па свеце вялізарнае каменне, якое і цяпер трапляецца дзе-нідзе на полі ці ў лесе. Не было на зямлі нікога, хто б мог з імі памерацца сілаю. От яны вольна хадзілі сабе ды сваволілі. Ведама, калі ніхто нікога не баіцца, то ён заўжды пачне дурэць, рабіць ліха. Так і тыя асілкі пачалі губіць на зямлі ўсялякую жывёлу і ўсялякую расліну, а ў небы шыбаць каменнем. От за тое Бог збольшага загубіў іх, а рэштку абярнуў у звычайных людзей. І да гэтых часоў людзі знаходзяць каменне як напамін пра тых магутных асілкаў.
Вось такі ў мяне любы край, там адчуваю я сябе сапраўдным беларусам, там да мяне прыходзіць адчуванне Радзімы. І ўзгадваюцца радкі:
Пакінь пытаць! Не дам і веры,
Каб Беларусь хто мог забыць:
Я пэўны – кожны з нас без меры
Любіў і будзе век любіць!