Вольнае акно


Без дзвюх хвілін восем - трашчыць мабільнік. Сяброўка. На дзіва жывая пасля ўчарашняга паходу ў тэатр з усімі адтуль вынікаючымі.

- Алё.

- Дома?

- Так.

- Чаго трубку не бярэш?

- Не чую.

- Не забылася?

- Не, ужо запальваю.

- Ужо?

- Так. Што за запалкі! Ужо тры сапсавала, і ўсё ніяк. Можа, палёныя?

- Карацей, я пайшла запальваць. Пакуль.

З 12 запалак якасна запалілася і ўключыла свечку толькі адна. Я ўключыла свечку, задула лямпачку і стала ля акна. Спачатку я прыняла за свечку святло ад настольнай лямпы ў доме насупраць. Спрабавала маячыць: то закрывала-адкрывала святло свечкі, то размахвала рукамі, то грукала ў вакно (потым зразумела, што гэта бессэнсоўна), то спрабавала раздзьмуць агеньчык да памераў купальнага вогнішча, але пашкадавала бацькоў, свой комп і восем тамоў Караткевіча. У выніку ў дамах насупраць маёй комнаты нацыяналістаў не знайшлося і я вымушана была накіравацца на балкон.

- Што ты робіш? - пытаецца матуля.

- Сёння акцыя, - тлумачыць бацька.

- Табе вакна мала?

- Я ж вам не перашкаджаю.

Стаю на балконе і пільную іншыя агеньчыкі. Яшчэ некалькі разоў блытаю іх з лямпамі і ўрэшце заўважаю адзін. Стаіць сабе на падваконні і свеціць. Зноў спрабавала маячыць - нуль увагі. Спашлем гэта на благі зрок і няўважнасць. Амаль дзесяць хвілін нічога больш не далі. Ідучы ў сваю комнату, перасварылася з маці з нагоды таго, што пры закрыцці балкону ледзь не падпаліла занавеску.

На кампе грае "Гуляй, душа". Тэлефаную сяброўцы.

- Алё.

- Ну як?

- Тут у далёкіх дамах блага відаць, але вось у доме злева тры ці чатыры відаць добра. Я вось не магу толькі разабраць некаторыя: ці то свечка, ці то лямпа.

- Дык у цябе крута. А ў мяне толькі адна. З балкона. Гэта лепш чым ніводнай, але горш, чым дзесяць.

- Ты ўжо выключыла?

- Так.

- Ну я зараз таксама выключаю. Дарэчы, які ты мне лак пынясеш? Якім лепей - проста чырвоным, альбо перламутравым?

- Не ведаю. Я пафарбавалася прста чырвоным. Ты - як хочаш.

- Тады прынясі мне перламутравы, каб мы не былі клонскімі.

- Добра. Ну ўсё тады.

- Ну пакуль, да заўтра.

У дамах насупраць свечак так і не з'явілася. У гэты вечар мне б не хацелася разважаць аб абыякавасці і г.д. Нават калі заўтра ЖЭС зніме нашу кватэру з забеспячэння. Буду тады спаць у скураных штанах з катом пад пахай. Але сёння маё вакно стала вольным.



***


Дарэчы, ахвяры сённяшняй акцыі ёсць - мой сапсаваны пазногаць, свежапафарбаваны ў чырвоны колер без перламутру.



Дубіцкая Ксенія